ЛАМБА́РДСКАЯ ЛІ́ГА,
саюз гарадоў Ламбардыі ў 12—13 ст. для абароны ад экспансіі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Сфарміравана ў снежні 1167 (тэрмінам на 20 гадоў) з 16 гарадоў: Падуя, Мілан, Венецыя, Мантуя, П’ячэнца, Верона, Вічэнца, Бергама, Крэмона, Трэвіза, Ферара, Брэшыя, Лодзі, Парма, Мадэна, Балоння (пазней склад гарадоў мяняўся). Мела падтрымку рым. папы і сіцылійскага караля. У 1176 апалчэнне лігі разбіла каля г. Леньяна войска імператара Фрыдрыха 1 Барбаросы. Паводле Канстанцкага міру 1183 ламбардскія гарады захавалі самастойнасць. У 1198 ліга намінальна адноўлена (на 30 гадоў). Спроба Фрыдрыха П усталяваць у Паўн. Італіі сваю неабмежаваную ўладу падштурхнула шэраг гарадоў на чале з Міланам аднавіць (на 25 гадоў) лігу, супраціўленне якой вымусіла Фрыдрыха адмовіцца ад заваёўніцкіх планаў. З 2-й пал. 13 ст. ліга не аднаўлялася.
т. 9, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)